бел рукапісны помнік 1-й пал. 14 ст. Напісана для Лаўрышаўскага манастыра ўставам на пергаменце царк.-слав. мовай. Тэкст размешчаны ў 2 калонкі. Мае 374 нумараваныя старонкі. Змяшчае кананічны тэкст 4 евангельскіх кніг Новага запавету, што ўзыходзіць да стараж.-рус. традыцыі, дастасаваны да царк. службы (т. зв. апракас), а таксама 14 разгорнутых запісаў 14—16 ст. пра ўклады ў манастыр землямі, дваровымі людзьмі, збожжам, грашамі з упамінаннем мясц. прозвішчаў і геагр. пунктаў. Укладныя запісы перамяжоўваюцца ўстаўкамі на старабел. мове і маюць сціслыя каментарыі 16—17 ст. на бел. і польск. мовах. Кніга аздоблена вял. колькасцю па-мастацку выкананых ініцыялаў у тэраталагічным стылі і 19 мініяцюрамі на евангельскія сюжэты, некаторыя — складаныя шматфігурныя кампазіцыі. Пераплёт зроблены з дошак, абцягнутых аксамітам. На пераплёце замацаваны адзін з самых стараж.бел. абкладаў. На верхняй вокладцы 4 навугольнікі з бірузой. Іх краі аздоблены суцэльным карункавым арнаментам. У цэнтры абклада на сярэбранай пласціне выява святога з дзідаю і шчытом. Некат. даследчыкі лічаць, што ў вобразе святога ўвасоблены заснавальнік Лаўрышаўскага манастыра Войшалк, на думку інш. даследчыкаў — гэта Дзмітрый Салунскі. Сярэднік на ніжняй вокладцы — пазалочаны крыж-распяцце. Кніга рэстаўрыравана ў 1887. Зберагаецца ў б-цы імя Чартарыйскіх у Кракаве.
Літ.:
Щапов Я.Н. Восточнославянские и южнославянские рукописные книги в собраниях Польской Народной Республики. М., 1976. С. 78—85;
Свентицкий И.С. Лаврашевское Евангелие начала XIV в.: (Палеогр.-граммат. описание) // Изв. отд.Рус. яз. и словесности имп. Академии наук. СПб., 1913. Т. 18, кн. 1.
А.М.Пяткевіч.
Лаўрышаўскае евангелле. Пераплёт з абкладам (16 ст.?).